ДВА́ЦЦАЦЬ ДРУГІ́ З’ЕЗД КПБ.
Адбыўся 24—27.1.1956 у Мінску. Прысутнічала 809 дэлегатаў з рашаючым і 76 з дарадчым голасам ад 145 069 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦК КПБ (М.С.Патолічаў), Рэвіз. камісіі КПБ (В.Я.Сядых); абмеркаванне праекта ЦК КПСС «Дырэктывы XX з’езда КПСС па шостаму пяцігадоваму плану развіцця народнай гаспадаркі СССР на 1956—1960 гады» (К.Т.Мазураў); выбары ЦК КПБ, Рэвіз. камісіі КПБ, дэлегатаў на XX з’езд КПСС. З’езд адзначыў поспехі ў выкананні 5-га пяцігадовага плана развіцця нар. гаспадаркі БССР, ухваліў праект ЦК КПСС «Дырэктывы XX з’езда КПСС па шостаму пяцігадоваму плану развіцця народнай гаспадаркі СССР на 1956—1960 гады» і абавязаў ЦК КПБ i СМ БССР на аснове дырэктыў ЦК КПСС распрацаваць 6-ы пяцігадовы план развіцця нар. гаспадаркі БССР. Выбраў ЦК КПБ у складзе 127 чл. і 76 канд. у чл., Рэвіз. камісію КПБ з 37 чл., дэлегатаў на XX з’езд КПСС.
Літ.:
Патолічаў М.С. Справаздачны даклад Цэнтральнага Камітэта Кампартыі Беларусі XXII з’езду КПБ. Мн., 1956;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 5. 1956—1965. Мн., 1986.
т. 6, с. 78
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)